Алдувайская культура

Алдувайская культура (алдаванская культура, галечная культура) — найбольш прымітыўная культура апрацоўкі каменя, калі для атрымання вострага краю камень расколваецца звычайна проста напалову, без дадатковай дапрацоўкі. Узнікла каля 2,7 млн гадоў назад, знікла каля 1 млн гадоў таму. Першыя галечные прылады маглі ствараць яшчэ аўстралапітэкі, апошнія — прадстаўнікі віду Homo erectus.

Алдувай 2011

Назва культуры дадзена па частцы Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмыАлдувайскай цясніне ў Серэнгеці (Танзанія), у раёне кратэра Нгорангора. Тут Луісам Лікі і яго жонкай Мэры былі выяўленыя рэшткі шматслаёвых паселішчаў эпохі палеаліту. Ніжнія пласты (каля 1,8—1,7 млн. гадоў назад) далі назву алдувайскай культуры. Тут былі знойдзеныя рэшткі зінджантрапа і прэзінджантрапа, а верхнія пласты, якія былі аднесены да шэльскай і ашэльскай культураў, утрымлівалі рэшткі алдувайскага пітэкантрапа. А ў 1960 годзе мужам і жонкай Лікі тут быў знойдзены чалавек умелы.

На падставе сваіх знаходак сям'я Лікі вылучыла гіпотэзу афрыканскага паходжання чалавека з першаснай лакалізацыяй у тым ліку і ў раёне Алдувайскай цясніны.

У Кокіселе, што на паўночна-заходнім беразе возера Туркана (Кенія), таксама былі выяўленыя інструменты ашэльскага і алдувайскага тыпаў у адных і тых жа пластах жвіру, пяску і аргіліту узростам 1,76 млн гадоў. Дадзеныя знаходкі даюць магчымасць меркаваць, што да моманту, калі людзі алдувайскай культуры ўпершыню пачалі пакідаць Афрыку, ашэльская культура ўжо існавала.

Самыя паўночныя стаянкі алдувайскай культуры Байрак і Крэцэшты знойдзены ў Малдове ў пойменных адкладах палеа-Днястра.

Зноскі