«Антыго́на» — трагедыя старажытнагрэчаскага драматурга Сафокла, пастаўлена ў сакавіку-красавіку 442 годзе да н.э. Перакладзена на беларускую мову двойчы: Юльянам Дрэйзінам і Лявонам Баршчэўскім.
«Антыгона» напісана на міфалагічны сюжэт фіванскага цыклу. У трагедыі «Антыгона» Сафокл выкрывае адзін з канфліктаў сучаснага яму грамадства – канфлікт паміж радавымі няпісанымі законамі і законамі дзяржаўнымі.
Палінік, брат рашучай Антыгоны, дачкі цара Эдыпа, якая мае велізарную сілу волі, здрадзіў родныя Фівы і загінуў у барацьбе са сваім родным братам Этэоклам, абаронцам радзімы. Цар Крэонт забараніў хаваць здрадніка і загадаў аддаць яго цела на разарванне птушкам і сабакам. Крэонт не лічыцца з традыцыйнымі радавымі законамі, у адрозненне ад дачкі сваёй сястры. Але Антыгона выканала рэлігійны абрад пахавання. За гэта Крэонт загадаў замураваць Антыгону ў пячоры. Антыгона аддала перавагу смерці падпарадкаванню цару і скончыла жыццё самагубствам. Пасля гэтага жаніх Антыгоны, сын Крэонта, Геман працяў сябе кінжалам, у роспачы ад гібелі сына пазбавіла сябе жыцця жонка Крэонта Эўрыдзіка. Усе гэтыя няшчасці прывялі Крэонта да прызнання сваёй нікчэмнасці і да пакоры перад багамі.
У новы час трагедыя Сафокла рэдка ставілася на сцэне, але паслужыла крыніцай натхнення для шматлікіх мастакоў.
У 1943 годзе Жан Ануй на аснове трагедыі Сафокла напісаў сваю «Антыгону» — антычная драма стала для Ануя той эзопавай мовай, якая дазволіла яму ў акупаваным Парыжы заклікаць са сцэны да непадпарадкавання акупантам.
Бертольт Брэхт у 1948 годзе апрацаваў для сучаснай сцэны і актуалізаваў трагедыю: калі ў Сафокла канфлікт паміж Крэонтам і Антыгонай успыхваў пасля пераможнай вайны, то ў Брэхта Крэонт распачынаў вайну супраць Аргаса, каб адцягнуць народ ад праблем, звязаных з эканамічным заняпадам яго дзяржавы. Ён зрабіў трагедыі сучасны пралог: у красавіку 1945 года, падчас баёў у Берліне, дзве сястры апыняліся перад выбарам — прызнаць ім брата, павешанага эсэсаўцамі, або адрачыся ад яго ў імя самазахавання.