Крэмній (лац.: Silicium) Si — хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы; атамны нумар 14. Адносіцца да неметалаў. Атамная маса 28,0855.
Уяўляе сабой цёмна-шэрае крышталічнае рэчыва з металічным бляскам. Крышталічная рашотка падобная да алмазу. Вядомы таксама аморфны крэмній, маючы карычневы колер. Шчыльнасць 2328 кг/м³, тэмпература плаўлення 1415 °C, тэмпература кіпення 3250 °C, цеплаёмістасць 20,1 Дж/моль•К. Празрысты для выпраменьвання з даўжынёй хвалі 1—9 мкм. Цвёрдасць па шкале Моаса крышталічнага крэмнію складае 7 адзінак.
Крэмній з'яўляецца тыповым паўправадніком. Пры хатняй тэмпературы хімічна мала актыўны.
Аксід крэмнію SiO2 (пясок, крэмень) — самае распаўсюджанае хімічнае злучэнне на Зямлі. Па распаўсюджанасці ў зямной кары — другі пасля кіслароду элемент. Прыродны крэмній складаецца з трох стабільных ізатопаў 28Si (92,23 %), 29Si (4,67 %), 30Si (3,1 %).
Крэмній з'яўляецца адным з галоўных рэчываў мікраэлектронікі (крэмніевыя фотаэлементы, падложкі, паўправаднікі і інш.). Адмыслова чысты крэмній, легіраваны спецыяльнымі дабаўкамі, выкарыстоўваецца для вырабу транзістараў, дыёдаў, тырыстараў, паўправадніковых лазераў, інтэгральных мікрасхем і іншых паўправадніковых прылад і прыбораў.
Монакрышталі SiO2 выкарыстоўваюцца ў радыётэхніцы і аптычным прыборабудаванні, інфрачырвонай оптыцы.
Дабаўкі ў сталь і чыгун для паляпшэння механічных уласцівасцей, павышэння ўстойлівасці да дзеяння кіслот. Крэмній выкарыстоўваецца пры вырабе гарачаўстойлівых дэталей ракетнай тэхнікі, лабараторнага посуду.
Крэмнійарганічныя злучэнні ўваходзяць у склад змазачных матэрыялаў, спецыяльных відаў гумы і інш. Крэмневадароды (сіланы) ужываюць ў арганічным сінтэзе, напрыклад у вытворчасці крэмнійарганічных палімераў.