Літагра́фія (ад грэч. λίθος lithos — камень і грэч. γράφειν graphein — пішу) — спосаб друку, пры якім адбітак атрымліваецца пераносам фарбы пад ціскам з плоскай, гладкай або зярністай, паверхні камення (вапняку) або металічнай формы непасрэдна на паперу. Спосаб быў вынайдзены ў 1796 годзе нямецкім пісьменнікам і акцёрам Алаізам Зенефельдэрам як танны метад выдання тэатральных твораў. Літаграфія можа выкарыстоўвацца як для друку тэкстаў, гэтак і ілюстрацый. У беларускай графіцы літаграфія вядома з першай паловы XIX стагоддзя.
Літаграфіяй таксама называюць асобны твор, выраблены сродкамі літаграфіі.