Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Мі́шкальц (венг.: Miskolc, славацк.: Miškovec, чэшск.: Miškovec, польск.: Miszkolc) — горад на паўночным усходзе Венгрыі. Адміністрацыйны цэнтр медзье Боршад-Абаўй-Земплен. Чацвёрты пасля Будапешта, Дэбрэцэна і Сегеда горад Венгрыі па колькасці жыхароў, налічвае 161 265 чал. (2014). Мішкальц стаіць на рацэ Шая каля падножжа горнага масіва Бюк. Вядомы перш за ўсё як прамысловы цэнтр.
Горад размешчаны на рацэ Сінве, каля яе ўпадзення ў Шая, за 175 км на паўночны ўсход ад Будапешта. Мішкальц звязаны з Будапештам аўтатрасай і чыгуначнай магістраллю. Звычайныя чыгуначныя цягнікі праязджаюць адлегласць паміж гарадамі ў сярэднім за 2-2,5 гадзіны; хуткасныя экспрэсы за 1 гадзіну 40 хвілін. Чыгункі вядуць таксама ў бок славацкіх Кошыцаў і Ньірэдзьхазы, аўтамабільныя дарогі — на Кошыцы і Дэбрэцэн.
Гарадскі транспарт складаецца з 45 аўтобусных ліній і двух трамвайных.
Каля горада ёсць невялікі аэрапорт, але для перавозкі пасажыраў ён не выкарыстоўваецца.
Паселішча на месцы Мішкальца існуе з часоў палеаліту, згодна з вынікамі раскопак людзі жылі тут каля 70 000 гадоў таму (Селецкая пячора, якая знаходзіцца на ўзгорку Аваш, і ў якой жылі старажытныя людзі, дала назву селецкай культуры). Да рымскага заваявання тут жылі кельцкія плямёны, пасля распаду імперыі рэгіён падзяліў лёс усёй сучаснай Венгрыі — яго насялялі авары, славяне, а з IX стагоддзя — венгры.
У 1364 годзе кароль Людовік Венгерскі надаў Мішкальцу статус горада. У яго ж праўленне была пабудавана крэпасць Дзьяшдзьёр, якая ў той час знаходзілася каля горада, а цяпер у яго межах.
У 1544 годзе Мішкальц быў спалены туркамі, поўнасцю горад быў вызвалены толькі ў канцы XVII стагоддзя. У пачатку XVIII стагоддзя Мішкальц быў адным з цэнтраў антыгабсбургскай вайны пад кіраўніцтвам Ферэнца Ракацы. У 1707 годзе імперскае войска захапіла горад, цалкам яго спаліла і ўзарвала муры крэпасці.
У XVIII—XIX стагоддзях горад паступова аднаўляўся і развіваўся. У гэты перыяд у горадзе таксама стала развівацца прамысловасць, першыя печы для выплаўкі чыгуна былі пабудаваны ў 1770-я гады. Да пачатку мінулага стагоддзя горад зрабіўся адным з галоўных індустрыяльных цэнтраў Венгрыі, цэнтрам металургіі і цяжкага машынабудавання краіны.
Пасля завяршэння сацыялістычнай эпохі ў 1990-я гады прамысловасць горада зведала цяжкі і працяглы крызіс, шмат у чым не пераадолены і цяпер. Крызіс выклікаў адток працоўнага насельніцтва з горада, і ў выніку, рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва: з 211 тысяч чалавек у 1985 годзе да 178 тысяч у 2004.
У 80-х гадах XX стагоддзя каля 2/3 ад насельніцтва горада працавала ў металургіі і цяжкім машынабудаванні. Падчас эканамічнага крызісу была закрыта большая частка прадпрыемстваў, што выклікала масавае беспрацоўе. Да сярэдзіны першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя крызіс быў у асноўным пераадолены шляхам развіцця малога бізнесу, а таксама рэканструкцыі старых савецкіх прадпрыемстваў на сучаснай аснове.
У Мішкальцы базуецца футбольны клуб «Дзьяшдзьёр» (таксама быў вядомы як ВТК). У 1978 годзе ён стаў бронзавым прызёрам нацыянальнага першынства, двойчы, у 1977 і 1980 выйграваў кубак краіны.
У 2009 годзе Мішкальц прыймаў чэмпіянат свету па спартыўным арыентаванні.