Днём 15 лістапада 2022 года дзве ракеты ўпалі на тэрыторыі Польшчы ў раёне вёскі Пшэводаў у Люблінскім ваяводстве прыкладна ў пяці кіламетрах ад мяжы з Украінай. Ракетныя ўдары адбыліся на фоне маштабнай расійскай атакі на ўкраінскія гарады і энергетычныя аб’екты.
Пра падзенне дзвюх ракет першым паведаміла польскае мясцовае радыё Zet. Па звестках Radio Lublin, інцыдэнт адбыўся а 15:40 на перагрузачных вагах, куды заязджаюць трактары з грузамі. Паводле папярэдніх высноў, трактар, які заехаў на шалі, раптам выбухнуў. Радыё таксама паведамляла аб гібелі двух чалавек. Аднак як пазней паведаміла радыё Zet са спасылкай на свайго журналіста Марыюша Гершэўскага, ракеты патрапілі ў зернесушылкі. Пазней на рэгіянальным навінавым сайце lublin112.pl з’явілася інфармацыя аб тым, што ракета выбухнула непасрэдна побач з прычэпам трактара і пакінула вялікую варонку на месцы выбуху. Двое загінулых — супрацоўнікі збожжасховішча.
Неўзабаве расійскі фондавы рынак паказаў рэзкае падзенне.
Пасля ракетных удараў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі склікаў экстраннае пасяджэнне Камітэта па справах нацыянальнай бяспекі і абароны. Афіцыйны прадстаўнік урада Пётр Мюлер заклікаў не публікаваць непацверджаную інфармацыю. Польскія ВПС паднялі ў паветра знішчальнікі, а ў пасёлак прыбыла армія і пракуратура.
Улады Польшчы павысілі боегатоўнасць некаторых воінскіх часцей. Таксама абмяркоўвалася пытанне, ці прыводзіць у дзеянне артыкул 4 дагавора НАТА, які прадугледжвае кансультацыі паміж краінамі-членамі альянсу, калі бяспека альбо тэрытарыяльная цэласнасць адной з іх знаходзіцца пад пагрозай.
Як адзначыла выданне Lublin112, на знойдзеных аскепках ракеты няма маркіроўкі, каб вызначыць паходжанне снарада. На апублікаваных у сацсетках здымках абломкаў ёсць прыкметныя адтуліны на частках, якія злучаюць адсекі, што нагадваюць часткі снарадаў ад зенітна-ракетных комплексаў С-300 (стаяць на ўзбраенні і Расіі, і Украіны).
Журналіст выдання Polsat News ва Украіне Матэвуш Лахоўскі напісаў, што абломкі, якія былі знойдзеныя ў Пшэвадуве, — часткі расійскай крылатай ракеты Х-101.
Польскі ваенны эксперт Яраслаў Вольскі выказаў меркаванне, што гэта магла быць расійская крылатая ракета або ракета ўкраінскай СПА. У МЗС краіны заявілі пра снарад расійскай вытворчасці. Ведамства выклікала пасла РФ.
Па звестак амерыканскай разведкі, тэрыторыю Польшчы перасеклі менавіта расійскія снарады, аб чым паведаміла Associated Press са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка. У той жа час Пентагон заявіў, што не можа пацвердзіць паведамленні, ці сапраўды расійскія ракеты ўпалі ў пасёлку.
Мінабароны Расіі назвала паведамленні польскіх СМІ «наўмыснай правакацыяй у мэтах эскалацыі абстаноўкі» і заявіла, што краіна не наносіла ўдараў па аб’ектах, якія знаходзяцца паблізу ўкраінска-польскай мяжы. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў у здарэнні расійскі бок.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «з пункту гледжання траекторыі малаімаверна, што яна была выпушчана з Расіі, але мы паглядзім». Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг агучыў тую ж версію: альянс не убачыў прыкмет магчымага нападу Расія на яго.
Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заўважыў, што дакладных доказаў таго, хто запусціў ракету, няма. Пазней, па заяве кіраўніка дзяржавы, прыкмет наўмыснага нападу няма, і ракета, імаверна, была выкарыстана ўкраінскай СПА. Ён назваў здарэнне «няшчасным выпадкам». Генеральны сакратар НАТА пацвердзіў версію. Як заявіў Столтэнберг, прычынай інцыдэнту, імаверна, стаў украінскі снарад, выпушчаны, каб абараніць украінскую тэрыторыю ад расійскіх крылатых ракет.
У верасні 2023 года Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцы заявіла аб высновах следчых пракуратуры Польшчы па здарэнню. Паводле звестак, ракета была выпушчаная з украінскай сістэмы СПА С-300. Прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Лукаш Лапчынскі сказаў, што следчыя атрымалі высновы па гэтай справе, але ўлічваючы іх засакрэчаны характар, не паведамлялі іх змест.
29 снежня 2022 года, меркавана, ракета запушчаная з украінскага ЗРК С-300 упала паблізу вёскі Гарбаха Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Паводле Мінабароны Беларусі, ракета была збіта сродкамі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Разглядаецца версія, што інцыдэнт аналагічны лістападаўскаму выпадку ў Польшчы.