Трыяда | |
---|---|
三合會 | |
Месца базавання |
Тайвань КНР ЗША |
Гады актыўнасці | з XVII стагоддзя |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Трыяда (кіт. трад. 三合會, спр. 三合会, піньінь sānhéhuì, пал. саньхэхуэй) — форма злачынных арганізацый у Кітаі і кітайскай дыяспары. Трыяда ніколі не была адзінай арганізацыяй.
Усім трыядам уласцівыя агульныя перакананні і рытуалы, як, напрыклад, вера ў містычнае значэнне лічбы 3, адкуль і пайшла іх назва. Па іншай версіі, у аснове назвы ляжыць традыцыйная для Кітая структура рабочых брыгад — адзін начальнік і два яго падначаленых. Начальнікі двух ячэек трыяды таксама падпарадкоўваюцца вышэйстаячай асобе, а той, у сваю чаргу, у пары з іншай асобай такога ж статусу, мае сваё начальства і г. д. У мірны час большасць падобных арганізацый дзейнічалі як братэрства ўзаемадапамогі, але разам з тым многія з іх былі звязаны са злачыннай дзейнасцю.
Па схеме трыяд былі арганізаваны першапачаткова таемныя партызанскія атрады супраць маньчжурскага імператара з Дынастыі Цын. Лічыцца, што трыяды зарадзіліся на востраве Тайвань, куды беглі з кантынентальнага Кітая разбітыя маньчжурамі рэшткі прыхільнікаў ранейшай кітайскай дынастыі Мін.
Трыяды ўзмацніліся ў момант Тайпінскага паўстання 1850—1864 гадоў. Іхэтуаньскае паўстанне з’явілася спробай таемных арганізацый пазбавіць Кітай ад заходняга і хрысціянскага ўплыву. У наступныя гады іншыя таемныя арганізацыі аказвалі падтрымку кітайскаму дзяржаўнаму дзеячу Сунь Ятсену ў яго імкненні пакончыць са старым імперскім праўленнем і заснаваць Рэспубліку.
Прыйшоўшы ў 1949 годзе да ўлады, камуністы неўзабаве паставілі задачай ліквідацыю таемных арганізацый, сяброўства ў якіх у кантынентальным Кітаі дагэтуль караецца смерцю. Што тычыцца іншых краін, то трыяды сталі абавязковымі спадарожнікамі кітайскай іміграцыі. Дзейнасць трыяд носіць глабальны характар, хоць яны найбольш актыўныя ў Азіі. Пераважная большасць удзельнікаў гэтых злачынных груповак з КНР.
У цяперашні час трыяды вядомыя ў асноўным як злачынныя арганізацыі мафіёзнага толку, распаўсюджаныя на Тайвані, у ЗША і іншых цэнтрах кітайскай іміграцыі, якія спецыялізуюцца на гандлі наркотыкамі і іншай злачыннай дзейнасці.