Назва Іўя ад назвы ракі, на якой паселішча паўстала. Адпачатная форма рачной назвы, засведчаная ў асяроддзі літоўскамоўных аўтахтонаў — Vija.
Гідранімічны аналаг — назва прытока латвійскай Гаўі ракі Vija. Звязана з літоўскім vyti «звіваць, скручваць». Далей да індаеўрапейскага *ṷei- «згінаць, скручваць, віць».
Ад таго ж кораня назвы Вейна (рэкі ў басейнах Віліі, Дзвіны, Дняпра).
Назва ракі Vija (> Іўянка) значыць «Звілістая (рака)».
Згодна з іншымі меркаваннямі, назва Іўя ад іва «вярба» або ад нейкай фінска-ўгорскай асновы са значэннем «выток ракі».
Гісторыя
У трэцім томе «Жывапіснай Расіі» П. Сямёнаў сцвярджае, што першапачаткова Іўе называлася Еўе і было заснавана жонкай вялікага князя літоўскага Гедзіміна Евай.
Вядома з пачатку XV ст. як велікакняжацкі двор. З 1444 г. належала земскаму маршалку літоўскамуПятру Мантыгердавічу, у XVI—XIX ст. Забярэзінскім, Кішкам, Глябовічам, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам і інш. З 1561 г. мястэчка Ашмянскага павета, тут існавала арыянская школа. У 1585—1593 гг. рэктарам яе быў мысляр-гуманіст і педагог Ян Ліцыній Намыслоўскі. У 1561 г. у Іўі існавала 2-дзённая паншчына, а ў 1598 г. сяляне адпрацоўвалі 3 дні ў тыдзень з валокі. У 1598 г. у мястэчку пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны касцёл і манастыр бернардзінцаў. З 1795 у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага павета. У сярэдзіне XIX ст. належала графам Замойскім. З 1921 г. у складзе Польшчы, мястэчка Валожынскага павета. З 1939 у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна. З 2000 г. — горад.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1897 год — 2828 чал.
XX стагоддзе: 1971 год — 5000 чал.; 1995 год — 8,9 тыс. чал.
XXI стагоддзе: 2006 год — 8,6 тыс. чал.; 2015 год — 7801 чал.; 2016 год — 7712 чал.; 2017 год — 7630 чал.; 2018 — 7702 чал.; 2023 — 7243 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці і сацыяльна-бытавога абслугоўвання. Гасцініца «Іўе».
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
↑Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на:ЦГДА БССР. — Ф. КМФ-5. — Воп. 1. — Спр. 1468. — Арк. 15.
Іўе // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 350. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.