| |||||
Дэвіз: «Long God Yumi Stanap» | |||||
Гімн: «Yumi, Yumi, Yumi» | |||||
Дата незалежнасці | 30 ліпеня 1980 (ад Францыі і Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйныя мовы | біслама, англійская, французская | ||||
Сталіца | Порт-Віла | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Порт-Віла | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Іолу Абіл Шарлот Санвай | ||||
Плошча • Усяго |
161-я ў свеце 12 190 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2009) • Шчыльнасць |
243 304 чал. (188-я) 19,7 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2008) • На душу насельніцтва |
$998 млн (181-ы) $4 251 | ||||
Валюта | Вату (VUV) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .vu | ||||
Код ISO (Alpha-2) | VU | ||||
Код ISO (Alpha-3) | VUT | ||||
Код МАК | VAN | ||||
Тэлефонны код | +678 | ||||
Часавыя паясы | +11 |
Вануа́ту (бісл.: Vanuatu, фр.: Vanuatu, англ.: Vanuatu), Рэспу́бліка Вануа́ту (бісл.: Ripablik blong Vanuatu, фр.: République du Vanuatu, англ.: Republic of Vanuatu) — ціхаакіянская дзяржава ў Меланезіі. Мяжуе на поўначы з тэрытарыяльнымі водамі Саламонавых Астравоў, на захадзе з эканамічнай зонай Аўстраліі, на паўднёвым захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Новай Каледоніі, на ўсходзе — з тэрытарыяльнымі водамі Фіджы. Працягласць прыбярэжнай паласы — 2528 км. Рэспубліка Вануату размешчана на 83 астравах архіпелага Новыя Гебрыды. Агульная плошча сушы — 12 190 км². Насельніцтва Вануату — 215446 чал. (2008). Сталіца — Порт-Віла. Першым востравам, заўважаным еўрапейцамі, стаў Эспірыту-Санта, адкрыты іспанскім мараплаўцам Педра Фернандэсам Кіросам у 1606 годзе і прыняты за частку «невядомай Паўднёвай зямлі». У 1906 годзе астравы сталі кандамініумам Брытаніі і Францыі пад назвай «Новыя Гебрыды». 30 ліпеня 1980 г. астравы атрымалі незалежнасць пад назвай «Рэспубліка Вануату». Вануату — сябра ААН, Садружнасці нацый, Франкафоніі, Паўднёваціхаакіянскай камісіі і Форума ціхаакіянскіх астравоў.
Гімн Yumi, Yumi, Yumi.
Згодна з Канстытуцыяй 1980, Вануату — парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, абіраецца парламентам тэрмінам на 5 гадоў.
Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нацыянальнаму сходу, які складаецца з 52 членаў і абіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Выбарчым правам надзелены ўсе грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, які абіраецца парламентам з ліку дэпутатаў. Склад кабінета міністраў прызначаецца прэм’ер-міністрам таксама з членаў Нацыянальнага сходу.
Вышэйшая судовая ўлада — Вярхоўны суд. Яго старшыня прызначаецца прэзідэнтам краіны пасля кансультацыі з прэм’ер-міністрам і лідарам апазіцыі, а тры суддзі — па рэкамендацыі Юрыдычнай камісіі.
На працягу чатырох гадоў пасля падпісання канвенцыі 1906 г. аб стварэнні кандамініума на Новых Гебрыдах адсутнічала адміністрацыйнае дзяленне, а разгляд розных спраў з удзелам меланезійцаў ажыццяўляў не агульны суд, а Ваенна-марская камісія. У 1911 г. былі зроблены першыя крокі па правядзенні адміністрацыйнай рэформы. У выніку ў 1912 г. на некаторых астравах Новых Гебрыдаў былі прызначаны прадстаўнікі рэзідэнт-камісараў (за выключэннем вострава Эфатэ), якія сачылі за працаўладкаваннем, разглядалі розныя скаргі ад насельніцтва. Брытанскія прадстаўнікі былі накіраваны на астравы Тана і Эспірыту-Санта, французскія — на астравы Малекула і Пентэкост. У 1985 г. была праведзена чарговая адміністрацыйная рэформа, вынікам якой стала скасаванне чатырох акругаў і стварэнне адзінаццаці астраўных саветаў.
З 1994 г. Рэспубліка Вануату падзяляецца на 6 правінцый. Назвы правінцый утвораны з першых складоў або літар асноўных астравоў, якія ўваходзяць у склад правінцыі.
Правінцыя | Назва на англійскай мове | Плошча (км²) | Насельніцтва (2000 год) | Адміністрацыйны цэнтр |
---|---|---|---|---|
Малампа | Malampa | 2 779 | 36 100 | Лакатора |
Пенама | Pénama | 1 198 | 28 960 | Лангана |
Санма | Sanma | 4 248 | 32 340 | Луганвіл |
Тафеа | Tafea | 1 628 | 27 530 | Ісангел |
Торба | Torba | 882 | 7 870 | Сола |
Шэфа | Shéfa | 1 455 | 45 280 | Порт-Віла |
Усяго | 12 190 | 178 080 |