Канстытуцыя Харватыі

Канстытуцыя Харватыі (харв.: Ustav Republike Hrvatske) — дзеючая Канстытуцыя Харватыі прынятая парламентам Харватыі 22 снежня 1990 года. Канстытуцыя замяніла сабой Канстытуцыю Сацыялістычнай рэспублікі Харватыя, якая дзейнічала ў СФРЮ. Парламент, які прыняў Канстытуцыю, быў абраны ў красавіку 1990 года на першых свабодных шматпартыйных выбарах. З прычыны, што Канстытуцыя была прынятая перад Калядамі, яна часам нефармальна называецца «Каляднай канстытуцыяй» (Božićni ustav). У 1997, 2000 і 2001 гадах у тэкст Канстытуцыі быў унесены шэраг змен, у прыватнасці, якія датычацца пераўтварэння двухпалатнага парламента ў аднапалатны і абмежавання ўлады Прэзідэнта краіны.

Структура

Канстытуцыя Рэспублікі Харватыя складаецца з васьмі частак (139 артыкулаў). Па Канстытуцыі 1990 года Харватыя з'яўлялася прэзідэнцка-парламенцкай рэспублікай, аднак пасля змяненняў 2000 і 2001 года ўрад краіны стаў падсправаздачны Палаце прадстаўнікоў Харвацкага сабора, што азначала пераход да парламенцкай формы кіравання.

Складовай часткай Канстытуцыі, прынятай 22 снежня 1990, з'яўляюцца шэраг пазнейшых Канстытуцыйных законаў: "Аб правах і свабодах чалавека і правах этнічных і нацыянальных супольнасцяў або меншасцяў у Рэспубліцы Харватыя" (1991), "Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Харватыя з Міжнародным судом ААН" (1996), "Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Харватыя" (1999).

  • Частка I ("Гістарычныя асновы") - выкладанне гісторыі развіцця дзяржаўнасці і абгрунтаванне гістарычнага права на суверэнітэт.
  • Частка II ("Асноўныя палажэнні") - асноўныя характарыстыкі дзяржавы і грамадства.
  • Частка III ("Асноўныя свабоды і правы чалавека і грамадзяніна") - правы і свабоды асобы, павага да правоў нацыянальных меншасцяў.
  • Частка IV ("Арганізацыя дзяржаўнай улады") - структура дзяржаўных органаў.
  • Частка V ("Канстытуцыйны суд Рэспублікі Харватыя") - дзейнасць Канстытуцыйнага суда.
  • Частка VI ("Арганізацыя мясцовага самакіравання і кіравання") - адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і мясцовае самакіраванне.
  • Частка VII ("Міжнародныя адносіны") - парадак заключэння міжнародных дагавораў і ўступлення краіны ў міжнародныя саюзы.
  • Частка VIII ("Змяненне Канстытуцыі") - рэгламент ўнясення змяненняў у Асноўны закон.

Спасылкі