Метэаралогія (ад грэч. μετέωρος, metéōros, атмасферныя і нябесныя з’явы) — навука аб будове і ўласцівасцях зямной атмасферы, а таксама фізічных працэсах, што развіваюцца ў ёй. Яна вывучае склад, шчыльнасць, тэмпературу і вільготнасть паветра, прамянёвую энергію, рух і трансфармацыю паветраных мас, хмары, ападкі, ураганы, прымаразкі, засухі і іншыя з’явы, якія адбываюцца ў паветранай абалонцы Зямлі ва ўзаемадзеянні з подсцільнай паверхняй.
Асноўным метадам даследавання, што ўжываецца ў метэаралогіі, з’яўляюцца назіранні, вымярэнні і якасная ацэнка атмасферных працэсаў. Гэтыя працэсы адрозніваюцца зменлівасцю ў часе і прасторы, маюць складаны характар узаемадзеяння з зямной паверхняй і касмічным асяроддзем. У кожны момант часу яны разгортваюцца над усёй тэрыторыяй зямнога шара, што патрабуе адпаведнай арганізацыі назіранняў за станам атмасферы.
Ва ўсім свеце арганізавана сетка гідраметэаралагічных назіранняў, якая дазваляе бесперанынна сачыць за станам атмасферы на зямным шары ля паверхні зямлі і на розных вышынях. Гэта сетка складаецца з вялікай колькасці гідраметэаралагічных станцый, якія праводзяць рэгулярныя назіранні па адзінай глабальнай праграме пры дапамозе аднатыпных прыбораў.
Сучасная гідраметэаралагічная служба выкарыстоўвае разнастайныя прыборы, якія прызначаны для вымярэння і рэгістрацыі фізічных характарыстык зямной атмасферы і подсцільнай паверхні.