DaKooka

Кацярына Ярэменка
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 29 лістапада 1993(1993-11-29) (30 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна Сцяг Украіны Украіна
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявачка, музыкант, аўтар-выканаўца
Жанр электронная музыка, трып-хоп, драм-н-бейс, індзі-рок, поп
Псеўданім DaKooka
Узнагароды

YUNA (2022)

Кацярына Ярэменка (укр.: Катерина Єременко; нар. 29 лістапада 1993 года, Чарнаўцы, Украіна), вядомая па сцэнічным псеўданіме daKooka — украінская спявачка, аўтарка песень, кампазітарка. Стварае музыку пераважна ў электронным стылі. У творчасці адсочваюцца таксама трып-хоп, драм-н-бейс, індзі-рок, поп, эксперыментал.

Біяграфія

Кацярына Ярэменка нарадзілася ў Чарнаўцах. Скончыла музычную школу па класе «фартэпіяна». Па запрашэнні настаўніцы спявала ў царкоўным хоры. З гэтага досведу пераняла некаторыя моманты для ўласнай творчасці: манера бэк-вакалаў, ідэя з мноствам гукавых дарожак для больш атмасфернага гучання песень — на гэтыя эксперыменты яе натхнілі высокія ноты, якія бяруць харысты.

З дзяцінства спявачку называлі Кукай. Пры стварэнні электроннай пошты «Kooka» аказалася занадта кароткім, а дададзенае «da» увайшло ў псеўданім. Здабыла спецыяльнасць інжынера-тэхнолага харчовай прамысловасці, аднак не плануе займацца гэтым у будучыні.

Творчасць

Першую песню напісала ў 18 гадоў, апублікавала ва «УКантакце». З гэтага пачалося стварэнне іншых кампазіцый і развіццё праекта daKooka. Выступала ў чарнавіцкіх пабах, а затым са знаёмымі музыкантамі ўтварыла гурт daKooka Live Band, з якім гастралявала па Украіне. Зараз працуе як сольная выканаўца.

Першы англамоўны альбом «Radha» выйшаў у сакавіку 2015 года. Ён названы ў гонар індыйскай багіні кахання, паколькі гэтая тэма ў ім з’яўляецца скразной.

У 2016 годзе daKooka выпусціла міні-альбом «Очень весело с моими друзьями», працяты меланхалічным настроем і нотамі сарказму.

У 2017 годзе прымае ўдзел ва ўкраінскім праекце «Голос країни-7», хаваючы твар пад вэлюмам. Выйшаўшы на сцэну падчас этапу «накаўтаў», выканала папулярны хіт Youssou N’Dour «7 Seconds». Падчас эмацыйнага выступу сарвала вэлюм. Джамала пазнала салістку праекта daKooka. «Гэта неймаверна цікавая новая музыка, якую вы пішаце самі», — адзначыла Джамала. Пасля выканання фрагмента ўласнай песні, Патап адмовіў спявачцы: «Я не буду цябе саджаць на крэсла не таму, што ты не годная. Я хачу цябе абараніць ад складанага змагання, хачу, каб ты прысвяціла сябе сваёй сольнай кар’еры. Гэта называецца пайсці з трыумфам!».

У лістападзе 2017 года выпускае другі міні-альбом «Гордо».

У наступным годзе выходзяць поўнафарматны альбом «Герой», які стаў вядомым дзякуючы віруснасці асноўнага трэку, і міні-альбом «Форма».

У лістападзе 2019 года на ўкраінскіх тэлеэкранах выйшаў маладзёжны серыял «Першыя Ластаўкі», дзе песні DaKooka прысутнічаюць сярод саўндтрэкаў. У тым жа годзе ў верасні выйшла пласцінка «Стренджлава», якая, аднак, не прыцягнула такой увагі, як папярэдняя «вялікая» работа музыканткі.

У ліпені 2021 года выходзіць поўнафарматны альбом «31006», над якім яна працавала 2 гады і на якім пазначыліся змены ў яе гучанні.

Дыскаграфія

  • Radha (LP, 2015)
  • Очень весело с моими друзьями (EP, 2016)
  • Гордо (EP, 2017)
  • Герой (LP, 2018)
  • Форма (EP, 2018)
  • Стренджлава (LP, 2019)
  • Так интереснее (EP, 2020)
  • Да кто такой этот ваш FEAT? (LP, 2020)
  • KTSH 3.10.06, Ч.1 (EP, 2021)
  • 31006 (LP, 2021)

Зноскі

Спасылкі