KyivNotKiev

Лагатып кампаніі

KyivNotKiev (частка больш шырокай кампаніі CorrectUA) — анлайн-кампанія, распачатая Міністэрствам замежных спраў Украіны сумесна з Цэнтрам стратэгічных камунікацый «StratCom Ukraine», 2 кастрычніка 2018 года з мэтай пераканаць англамоўныя сродкі масавай інфармацыі і іншыя арганізацыі пачаць выкарыстоўваць для назвы горада Кіева на англійскай мове, транслітарацыю «Kyiv» (якая базуецца на ўкраінскай назве горада) замест «Kiev» (якая базуецца на рускай назве горада). Матывацыяй да правядзення кампаніі з’яўляецца тое, што МЗС Украіны, як і значная колькасць украінскіх грамадзян, лічыць транслітарацыю «Kiev» у англійскай мове «савецкім каланіяльным перажыткам» і спрабуе выбудаваць украінскую ідэнтычнасць, адкінуўшы ўсё, што далучае Украіну да савецкага і расійскага імперскага мінулага. Правядзенне кампаніі курыруе Кіраванне публічнай дыпламатыі МЗС.

Транслітарацыя «Kyiv» была зацверджана ўкраінскім урадам яшчэ ў 1995 годзе, з таго часу ўрад спрабуе тымі ці іншымі спосабамі, распаўсюдзіць выкарыстанне назвы «Kyiv» за мяжой. На міжнародным узроўні такая норма была зацверджана Дзясятай канферэнцыяй ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў, хоць нават гэта не моцна паўплывала на сітуацыю. Норма «Kiev» глыбока ўкаранілася ў англійскую мову, таму не толькі СМІ і іншыя арганізацыі выкарыстоўваюць гэтую норму, а і звычайныя людзі. У 2014 годзе выпадкаў пераходу на назву «Kyiv» было няшмат, паколькі шмат людзей за межамі Украіны не разумелі, навошта гэта трэба ці лічылі што гэта пытанне «штучна створанае нацыяналістамі».

Форма «Kiev» на англійскай мове часам сустракаецца не толькі за мяжой, а і ў самой Украіне. Напрыклад, украінская авіякампанія МАУ доўгі час адмаўлялася пераходзіць на «Kyiv».

Незвычайнай робіць гэтую кампанію тое, што МЗС займаецца ёю не самастойна, а запрашае шырокую грамадскасць далучацца да яе. МЗС прапануе грамадзянам Украіны размяшчаць у сацыяльных сетках паведамленні з хэштэгамі #KyivNotKiev альбо #CorrectUA, пазначаючы ў іх замежныя СМІ або іншыя арганізацыі, з просьбамі да іх перайсці на транслітарацыю «Kyiv», і такім чынам удзельнічаць у гэтай кампаніі.

Пачатак кампаніі

Пачалася кампанія «KyivNotKiev» з двухтыднёвага «марафону», калі кожныя адзін або пару дзён МЗС Украіны публікавала пра адно замежнае медыя і ўкраінцы масава звярталіся да гэтых медыя ў сацыяльных сетках з просьбай выкарыстоўваць назву «Kyiv» замест «Kiev», што таксама суправаджалася тым, што ўкраінцы масава ставілі на фота сваіх профіляў рамку «#KyivNotKiev». Так былі ахоплены 10 вядучых, на думку МЗС, англамоўных медыя свету: Reuters, CNN, BBC News, Al Jazeera, The Daily Mail, The Washington Post, The New York Times, The Guardian, The Wall Street Journal і Euronews. У гэтым этапе кампаніі прынялі ўдзел некаторыя ўкраінскія чыноўнікі: Міністр замежных спраў Павел Клімкін, выканаўца абавязкаў Міністра аховы здароўя Ульяна Супрун, прадстаўнік Украіны пры Савеце Еўропы Дзмітрый Кулеба, народны дэпутат Украіны Ягор Собалеў. Кампанію падтрымалі тысячы ўкраінцаў, а хэштэг «#KyivNotKiev» убачылі каля 10 мільёнаў карыстальнікаў сацсетак. Падчас або неўзабаве пасля гэтага «марафону» на назву «Kyiv» перайшлі BBC і The Guardian. Пазней, кампанія пераключылася на замежныя аэрапорты, якія на той момант амаль усе выкарыстоўвалі назву «Kiev».

CorrectUA

Кампанія «KyivNotKiev» з’яўляецца часткай больш шырокай кампаніі «CorrectUA», якая мае на мэце змяненне транслітарацый у англійскай мове не толькі для Кіева, але і для назваў іншых украінскіх гарадоў, паколькі транслітарацыі назваў украінскіх гарадоў з рускай мовы ўсё яшчэ досыць распаўсюджаныя. Напрыклад, адзначана выкарыстанне «Odessa» замест «Odesa», «Kharkov» замест «Kharkiv», «Lvov» замест «Lviv», «Nikolaev» замест «Mykolaiv», «Rovno» замест «Rivne». Транслітарацыі, заснаваныя на рускіх назвах гарадоў, атрымалі сталы характар праз палітыку русіфікацыі, якую праводзілі царскі, а пасля яго савецкі ўрад.

Таксама звяртаецца ўвага на выкарыстанне пэўнага артыкля «the» перад назвай Украіны («the Ukraine»), які звычайна не выкарыстоўваецца перад назвамі суверэнных краін, але выкарыстоўваецца перад назвамі рэгіёнаў краін. Такая норма атрымала сталы характар яшчэ ў савецкія часы, калі Украіна яшчэ не была суверэннай дзяржавай, і працяг выкарыстання пэўнага артыкля перад назвай Украіны падсвядома ўспрымаецца як сумнеў у суверэннасці Украіны. Асабліва балючай гэтая сітуацыя ёсць у святле расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны. Пры гэтым існуе меркаванне, што гэтая кампанія з’яўляецца папулізмам і створана для імітацыі дзейнасці і адцягнення ўвагі ад больш надзённых праблем.

Вынікі

Пасля пачатку кампаніі назву «Kyiv» замест «Kiev» пачалі выкарыстоўваць BBC, The Guardian, Associated Press, The Wall Street Journal, The Globe and Mail, The Washington Post, Financial Times, The Economist, The Daily Telegraph, The New York Times і іншыя замежныя англамоўныя СМІ. Таксама новае імя пачалі выкарыстоўваць некаторыя міжнародныя арганізацыі.

У чэрвені 2019 года па просьбе Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, Амбасады Украіны ў ЗША і ўкраінскіх арганізацый у Амерыцы, назва «Kyiv» была афіцыйна зацверджана Саветам ЗША па геаграфічных назвах як адзіна правільная, што мела вынікам тое, што новую назву пачаў выкарыстоўваць увесь федэральны ўрад ЗША. Да гэтага выкарыстоўваліся абедзве нормы.

Адной з асноўных мэт кампаніі з’яўляецца пераканаць міжнародныя аэрапорты па ўсім свеце перайсці з «Kiev» на «Kyiv». Раней большасць аэрапортаў адмаўляліся гэта рабіць, тлумачачы гэта тым, што ў пераліку Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) і Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) была пазначана менавіта назва «Kiev». Аднак у кастрычніку 2019 года IATA, на падставе рашэння Савета ЗША па геаграфічных назвах, змяніла назву на «Kyiv».

З моманту пачатку кампаніі 63 аэрапорты і 3 авіякампаніі (па стане на студзень 2020) па ўсім свеце перайшлі на выкарыстанне назвы «Kyiv», нават да таго, як новую назву зацвердзіла IATA, сярод іх Таронта-Пірсан, Лонданскі аэрапорт Лутан, Аэрапорт Манчэстэр, Аэрапорт Франкфурт-на-Майне і Аэрапорт Барселона — Эль-Прато.

Назва горада Кіева на нямецкай мове

Праблема з транслітарацыяй назвы Кіева з рускай мовы замест украінскай прысутнічае не толькі ў англійскай мове, але і ў большасці еўрапейскіх моў, напрыклад, у нямецкай мове, дзе транслітарацыя «Kiew» з’яўляецца значна больш распаўсюджанай за «Kyjiw», якую прасоўваюць украінскія дыпламаты і актывісты. Хоць форма «Kyjiw» і прызнаецца слоўнікам «Дудэн» як адзін з двух магчымых варыянтаў напісання назвы горада, МЗС Германіі заявіла, што «для гарадоў рэкамендавана выкарыстанне звыклых нямецкіх назваў, калі такія ўжо існавалі да 1933 года». Пры гэтым большасць назваў іншых украінскіх гарадоў (акрамя тых, што ўваходзілі да Аўстра-Венгрыі) у нямецкай мове заснаваныя менавіта на ўкраінскіх назвах, паколькі яны не былі прынятыя да нядаўняга часу.

Назва горада Кіева ў англійскай Вікіпедыі

Ліст Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі да Фонду Вікімедыя.

Жорсткая барацьба за назву горада Кіева працягваецца ў англійскай Вікіпедыі, дзе два лагеры рэдактараў адстойваюць свае версіі назвы горада: адны спрабуюць перайменаваць артыкул пра Кіеў з «Kiev» на «Kyiv», іншыя выступаюць супраць гэтага. Пачынаючы з 2007 года адбылося 12 абмеркаванняў прапановы перайменаваць артыкул, апошняе з якіх у 2020 годзе ўрэшце скончылася зменай назвы артыкула. Праз тое, што прыхільнікі назвы «Kyiv» пачыналі новыя абмеркаванні, не маючы новых аргументаў пасля мінулага разу, накладаўся мараторый на перайменаванне артыкула да 1 ліпеня 2020.

Адзінай вядомай спробай украінскай дзяржавы паўплываць на Вікіпедыю быў ліст ад Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі да Фонду Вікімедыя (арганізацыя, якая займаецца Вікіпедыяй) з просьбай выправіць «Kiev» на «Kyiv».

Гл. таксама

Крыніцы

  1. #CorrectUA — МЗС України звертається до світу — вживай #KyivNotKiev — Міністэрства замежных спраў Украіны (укр.)
  2. #KyivNotKiev: МЗС закликає світ коректно писати Київ. BBC News Україна (3 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2020. Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  3. Писати Kyiv, а не Kiev. Чому це важливо?. Корреспондент (15 лютага 2019). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2020. Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  4. а б Kyiv not Kiev: Why spelling matters in Ukraine’s quest for an independent identity. Атлантычны савет ЗША (21 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2020. Праверана 19 студзеня 2020. (англ.)
  5. а б Kiew oder Kyjiw? Die Ukraine kämpft für die Rückkehr des Ukrainischen. Badische Zeitung (30 ліпеня 2019). Праверана 19 студзеня 2020. (пераклад на ўкраінскую мову) (ням.)
  6. Халімова, Ельзара. Kyiv, Not Kiev. Why Ukrainians care so much about their capital's spelling. Kyiv Post (29 лютага 2020). Праверана 29 лютага 2020. (англ.)
  7. У США пояснили, що означає зміна написання Kiev на Kyiv. BBC News Україна (15 чэрвеня 2019). Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  8. Постанова КМУ «Про затвердження Правил оформлення і видачі паспорта громадянина України для виїзду за кордон і проїзного документа дитини, їх тимчасового затримання та вилучення» — сайт Вярхоўнай Рады Украіны (укр.)
  9. Tenth United Nations Conference on the Standardization of Geographical Names — сайт ААН (англ.)
  10. В ООН схвалили українську систему латинізації географічних назв. Українські національні новини (22 жніўня 2012). Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  11. Wait, How Do You Pronounce Kiev?. The New York Times (13 лістапада 2019). Праверана 18 студзеня 2020. (англ.)
  12. «Kyiv not Kiev» – довідка для вболівальника. Радіо «Свобода» (25 мая 2018). Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  13. Чи змінився Kiev на Kyiv? Результати кампанії, спрямованої на міжнародні медіа. Радіо «Свобода» (22 кастрычніка 2018). Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  14. Official guidance on the correct spelling and usage of Ukrainian place names — Міністэрства замежных спраў Украіны (англ.)
  15. Kyiv not Kiev: ВВС змінює написання столиці України — UATV (укр.)
  16. Kyiv not Kiev: Найбільша асоціація авіаперевізників ІАТА змінила написання столиці України Архівавана 11 ліпеня 2020. — Міністэрства замежных спраў Украіны (укр.)
  17. Перемоги кампанії МЗС #CorrectUA — CorrectUA на Facebook (укр.)
  18. Як Kiev перетворюється на Kyiv. BBC News Україна (28 жніўня 2019). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2020. Праверана 17 студзеня 2020. (укр.)
  19. Kiew чи Kyjiw: як називають українську столицю та інші міста в Німеччині. Deutsche Welle (28 кастрычніка 2019). Праверана 19 студзеня 2020. (укр.)

Спасылкі