Хартыя 77

Хартыя-77 (Charta 77) — праграмны дакумент, што стаў асноваю для фарміравання групоўкі палітычных дысідэнтаў у Чэхаславакіі, якая праіснавала з 1976 да 1992 г. Яе заснавальнікі (Вацлаў Гавел, Іржы Дынстбір, Здэнек Млынарж, Іржы Гаек, Павел Когаўт) сталі значнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі ў краіне пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. Філосаф Ян Патачка, які адзін з першых падпісаў хартыю, быў арыштаваны ў 1977 г. і памёр падчас допыту.

Прынцып Хартыі 77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму ўсяго таго, што ён дэклараваў на словах. Так, у першым дакуменце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хельсінкскага пакту.

Гісторыя

Асноўнай перадумовай з'яўлення «Хартыі 77» была ратыфікацыя двух міжнародных пактаў уладамі ЧССР: Міжнароднага пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах і Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Абодва пакты Чэхаславакія падпісала ў 1968 г., але менавіта пасля ратыфікацыі яны сталі часткай дзяржаўнай прававой сістэмы і далі магчымасць «Хартыі 77» патрабаваць ад улады простых рэчаў — паважаць законы, якія яна сама прыняла.

Узнікненне Хартыі прыспешыў судовы працэс супраць рок-гурта «Plastic People of the Universe» з-за выкарыстання англійскіх тэкстаў і назвы гурту, а таксама паказ рэпертуару не ўхваленага адмысловай камісіяй. Гэта выклікала розгалас у значнай меры паралізаваным грамадстве. Пачалі адбывацца акцыі салідарнасці, сустракаліся раней незнаёмыя людзі.

У 1976 годзе музыкі былі абвінавачаны ў злачынным дармаедстве і пасаджаныя ў турму. Крытыкі рэжыму рознай ідэйнай скіраванасці і прыхільнікі асуджаных музыкантаў сабраліся разам у калідоры пражскага суда на Малай Стране, каб досыць гучна заявіць свой пратэст супраць абсурднага судовага пакарання. Суровыя прысуды сталі апошнім штуршком да ўзнікнення грамадскай ініцыятывы, названай Хартыя-77, якая была дэкларавана 1 студзеня 1977 года..

Хартыя стала адным з першых усходнееўрапейскіх рухаў, яе апярэдзілі хіба польскі КОР і хельсынскія аб'яднанні, што дзейнічалі ў Савецкім Саюзе. Тыя рухі былі вядомыя заснавальнікам Хартыі і часткова сталі для іх прыкладам.

Разам з імёнамі 242 падпісантаў Хартыя была надрукавана 6 студзеня 1977. Пачаліся арышты і канфіскацыя арыгіналаў Хартыі, але яе копіі працягвалі хадзіць па руках. 7 студзеня тэкст хартыі надрукавалі некалькі буйных СМІ Еўропы і ЗША. Да канца 1977 года Хартыю падпісалі 800 чалавек, шмат хто з іх пасля эміграваў. Яе падпісанта адразу звальнялі з працы.

Амаль адначасова чэхаславацкія камуністычныя ўлады выдалі Антыхартыю, якую прымусілі падпісаць многіх знакамітых людзей.

Пазней, з-за рэпрэсій пад устаноўчай дэкларацыяй Хартыі свае подпіркіай подпісы ставілі ўсяго пару дзясяткаў чалавек за год, такім чынам, яе дзейнасць была значна падарваная, нават практычна паралізаваная, і ў паасобных падпісантаў нават з'яўляліся думкі пра поўнае спыненне яе чыннасці.

Сітуацыя змянілася ў сярэдзіне васьмідзясятых, калі большасць удзельнікаў супраціву выйшла з вязніцы і далучылася да падпольнай дзейнасці, а рэжым у сувязі са зменамі ў Савецкім Саюзе паслабіў свае рэпрэсіі.

У студзені 1987 г., яе паўнамоцныя прадстаўнікі падпісалі два дакументы: «Слова да суграмадзян» і «Ліст да падпісантаў Хартыі 77». Калі ў сваёй папярэдняй дзесяцігадовай гісторыі Хартыя звярталася да ўладнага рэжыму, то «Слова да суграмадзян» — першая спроба звярнуцца да ўсяго грамадства, заклікаць яго да пераадолення страху і актыўнага дзеяння. «Ліст да падпісантаў», які падводзіць вынікі папярэдняга існавання Хартыі, звяртае ўвагу на праблемы ўзнікнення «актыўнага ядра» і «пасіўнай большасці», на складанасці камунікацыі з няпражскімі падпісантамі, на «адсутнасць якіх-небудзь цвёрдых правілаў», на дакладней не акрэсленую праблему «пакаленняў» і некаторыя іншыя.

У 1987 годзе сябры Хартыі падалі ў дзяржаўныя органы заяву аб правядзенні 10 снежня маніфестацыі да дня правоў чалавека. Хартыя праз дзесяць гадоў сваёй дзейнасці афіцыйна склікала першую дэманстрацыю, на якой, хоць тая і была забаронена тагачасным Раённым нацыянальным камітэтам, упершыню з 1969 г. сабраліся больш як тысяча чалавек.

Вынікі

Паводле пазнейшай ацэнкі Вацлава Гавела, аднаго з ініцыятараў Хартыі, яна стала мадэллю як супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму, які мае ў руках усе сілавыя механізмы.

Лік падпісантаў Хартыі 77

  • 1978—106,
  • 1979 — 80,
  • 1980 — 48,
  • 1981 — 44,
  • 1982 — 36,
  • 1983 — 37,
  • 1984 — 25,
  • 1985 — 28.

Кіраўнікі Хартыі

У адпаведнасці з усталяваным звычаем, кожны паўнамоцны прадстаўнік Хартыі прапаноўваў свайго пераемніка на наступны год.

Зноскі

  1. а б "Хартыя 77 і Хартыя 97: беларусы, як і чэхі, дачакаюцца перамен" . Радыё Свабода? 10.01.2007.
  2. а б Хартыя-77 — непаўторны досвед(недаступная спасылка) Ганна Шабатава, ARCHE
  3. а б в г Андэграўнд і Хартыя-77 Архівавана 4 сакавіка 2016., Любаш Веселы, ARCHE №7-8-2006

Літаратура

  • Charta 77 (1977—1989): Od morální k demokratické revoluci. Dokumentace. uspořádal Vilém Prečan, ÚSD-Archa, Bratislava Praha Scheinfeld 1990 ISBN 80-900422-1-X.