| ||||||||||||||||||||||
Труа-Рыўер, таксама Тры-Рывер (фр.: Trois-Rivières — Тры ракі) — пяты па велічыні горад у канадскай правінцыі Квебек. Труа-Рыўер — таксама найбуйнейшы населены пункт і сталіца гісторыка-культурнага і адміністрацыйнага рэгіёну Морысі. Насельніцтва — 126 тыс. чалавек.
Труа-Рыўер мае важнае стратэгічнае значэнне для правінцыі Квебек. Ён размешчаны на паўночным беразе ракі Святога Лаўрэнція. Галоўны транзітны пункт, размешчаны паміж найбуйнейшым мегаполісам Квебека — горадам Манрэаль і сталіцай правінцыі — Квебекам. На паўднёвым беразе ракі размяшчаецца горад Беканкур.
На працягу доўгага часу на тэрыторыі сучаснага горада жылі індзейцы плямёнаў алганкіны і абенакі. Французскі даследчык Жак Карцье апісаў месца падчас свайго другога падарожжа ў Новы Свет у 1535 годзе. Назва горада, аднак, была дадзена толькі ў 1599 годзе, капітанам Франсуа Гравэ Дзю Понам, і ўпершыню стала ўжывацца пры стварэнні карт у 1601 годзе.
Дзякуючы свайму стратэгічнаму становішчу, горад меў важную ролю ў калоніі ў гандлі мехам. Пасёлак стаў рэзідэнцыяй рэгіянальнага ўрада ў 1665 годзе. Урсулінкі прыбылі ў паселішча ў 1697 годзе, стварылі ў ім першую школу і дапамаглі мясцовым місіянерам звярнуць у хрысціянства мясцовых абарыгенаў і метысаў.
У 1760 годзе горад быў захоплены Вялікабрытаніяй.
Труа-Рыўер з’яўляецца найстарэйшым прамысловым горадам Канады, дзякуючы стварэнню ў 1738 годзе першай у краіне ліцейні. Першая інфраструктура для порту была пабудавана ў 1818 годзе недалёка ад вуліцы Сен-Антуан, а сёння гарадскі порт апрацоўвае 2,5 млн тон грузаў штогод. Першая чыгунка была пабудавана ў 1879 годзе для падтрымкі лесапрамысловасці.